Пакуль гарады ва ўсім свеце абрастаюць сістэмамі разумнага відэаназірання, мадэльеры прапануюць нечаканы адказ — так званае «антаганістычнае адзенне», распрацаванае для таго, каб ускладніць працу сістэм распазнавання твараў. Выданне The Guardian разбіралася, ці сапраўды яно працуе.

Фота: urban-privacy.com
Сістэмы распазнавання твараў становяцца ўсё больш распаўсюджанымі. Дзякуючы штучнаму інтэлекту яны здольныя ідэнтыфікаваць асобу ў натоўпе, адсочваць маршруты чалавека па горадзе і нават вызначаць яго эмоцыі. У адказ на гэты татальны кантроль пачаў фармавацца новы кірунак у дызайне — адзенне, якое робіць чалавека «нябачным» для машыннага зроку.
Сутнасць тэхналогіі ў выкарыстанні так званых «антаганістычных патэрнаў» (adversarial patterns) — спецыяльна распрацаваных спалучэнняў формаў, колераў і арнаментаў, якія павінны выкарыстоўваць слабасці асобных сістэм камп'ютарнага зроку.
Сузаснавальнік брэнда Urban Privacy Даніэль Пройс сцвярджае, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць сумясціць выразны дызайн з элементамі, якія могуць ускладняць працу сістэм распазнавання твараў.
Паводле яго, кампанія выкарыстоўвае буйныя прынты, асіметрычны крой і свабодныя сілуэты, натхнёныя вулічнай модай. Адна з мадэляў — паліто Urban Ghost — мае ўбудаваныя ў башлык інфрачырвоныя святлодыёды, якія, як сцвярджае кампанія, могуць асляпляць камеры начнога бачання.
Пройс расказвае, што зацікавіўся гэтай тэмай пасля публікацый пра выкрыццё Эдварда Сноўдэна. Паводле яго слоў, дызайн адзення абапіраецца на тое, што сістэмы распазнавання твараў могуць блытацца, калі «бачаць» некалькі твараў адначасова.
Дызайнеры адзначаюць, што яшчэ нядаўна такое адзенне ўспрымалася як экзотыка. Заснавальніца брэнда Cap_able Ракель Дзідэра згадвае, што ў 2018 годзе многія не разумелі яе ідэі і нават папракалі ў дапамозе злачынцам. Цяпер, паводле яе слоў, сітуацыя змянілася: усё больш людзей, асабліва маладых, непакояцца з-за развіцця штучнага інтэлекту і пытанняў прыватнасці, а цікавасць да такіх рэчаў расце.
Наколькі гэта эфектыўна?Паводле аўтараў такіх праектаў, яшчэ нядаўна «антаганістычныя патэрны» было складана перанесці ў звычайнае адзенне. Цяпер жа развіццё камп'ютарных тэхналогій дазваляе выкарыстоўваць іх у мадэлях, разлічаных на серыйную вытворчасць. У выніку такое адзенне становіцца больш даступным па цане. Дадатковы штуршок трэнду могуць даць знакамітасці, калі пачнуць з'яўляцца ў такой вопратцы на публіцы.
Аднак эксперты па бяспецы заклікаюць не спадзявацца на такое адзенне як на стоадсоткавую гарантыю. Сістэмы назірання пастаянна ўдасканальваюцца, і тое, што магло заблытаць камеру ўчора, сёння магчыма будзе лёгка абысці новым абнаўленнем. Да таго ж эфектыўнасць «камуфляжу» моцна залежыць ад асвятлення і ракурсу, пад якім на вас глядзіць аб’ектыў.
У той жа час дызайнеры падкрэсліваюць, што такія рэчы маюць не толькі практычную функцыю. На іх думку, гэта яшчэ і спосаб публічна заявіць пра важнасць права на прыватнае жыццё і прыцягнуць увагу да грамадскай дыскусіі пра межы выкарыстання тэхналогій назірання.
На думку дызайнераў, сёння такое адзенне носяць пераважна тыя, хто адным з першых звяртае ўвагу на праблемы прыватнасці. Але з ростам цікавасці да гэтых пытанняў і прыходам на рынак буйных брэндаў яно можа стаць значна больш распаўсюджаным.
У той жа час гучаць і асцярогі. Калі такое адзенне сапраўды пачне эфектыўна перашкаджаць сістэмам распазнавання, у дыктатарскіх краінах гэта можа прывесці да забароны такое насіць і пакарання тых, хто такое адзявае.
