Нізкачастотны шум, падобны да працы дызельнага рухавіка, не дае спакойна жыць сотням мільёнаў людзей па ўсім свеце. Самае дзіўнае ў гэтым тое, што сваякі і партнёры гэтых людзей нічога не чуюць. Каманда еўрапейскіх даследчыкаў узялася разгадаць гэтую таямніцу, праверыўшы дзве самыя папулярныя гіпотэзы.

Ілюстратыўная выява, згенераваная Gemini
Уявіце сабе: вы часцяком чуеце нізкачастотнае гудзенне, пульсацыю або бурчанне, медыяна частаты якога складае каля 50 герц. У англамоўнай прэсе гэты феномен часта называюць проста «гул» (The Hum), ён сустракаецца ў 2-4% людзей у розных кутках свету. 86% такіх людзей адзначаюць, што гэты гук выклікае ў іх моцны стрэс і перашкаджае жыць.
Доўгі час у навуковым свеце існавалі дзве асноўныя версіі таго, што адбываецца: альбо ў гэтых людзей проста фенаменальны слых да нізкіх частот і яны сапраўды чуюць далёкі прамысловы шум, альбо іх уласнае ўнутранае вуха само генеруе гэты гук у якасці пабочнага эфекту фізіялагічных працэсаў.
Каб паставіць кропку ў гэтым пытанні, група навукоўцаў на чале з Баніфацам Баўманам і Маркусам Дрэксэлем (з даследчых цэнтраў Германіі і Нарвегіі) правяла дэталёвае даследаванне, вынікі якога апублікаваў аўтарытэтны часопіс PLOS One.
Для эксперыменту яны адабралі 28 чалавек, якія стала пакутуюць ад гулу, і параўналі іх паказчыкі з кантрольнай групай людзей з нармальным слыхам. Навукоўцы выкарыстоўвалі звышдакладнае абсталяванне для падрабязнага вымярэння парогаў чутнасці ў нізкачастотным дыяпазоне.
Першая гіпотэза пра суперслых, можна сказаць, правалілася. Навукоўцы зрабілі аўдыяметрыю з высокім разрозненнем і высветлілі, што большасць людзей, якія чуюць гул, маюць абсалютна звычайны слых. Іх парогі ўспрымання нізкіх частот практычна нічым не адрозніваліся ад паказчыкаў кантрольнай групы.
Сярод падыспытных знайшліся два чалавекі з анамальна высокай адчувальнасцю (іх слых быў на 20‑30 дэцыбел вастрэйшы за норму), але для пераважнай большасці наяўнасць рэальнай знешняй крыніцы гуку не пацвердзілася.
Другая гіпотэза гучала яшчэ больш экзатычна і называецца спантаннай отаакустычнай эмісіяй. Гэта рэальная фізіялагічная з'ява, калі вонкавыя валасковыя клеткі ўнутранага вуха пачынаюць самі выпраменьваць гукавыя хвалі.
Даследчыкі ўставілі ў вушы падыспытных высокаадчувальныя падвойныя мікрафоны, каб паслухаць гукі ў іх вушах, аднак і тут іх чакала расчараванне. Ніводнага нізкачастотнага шуму, які б зыходзіў з вушэй пацыентаў, зарэгістраваць не ўдалося. Больш за тое, высветлілася, што ў чалавечым вуху ў прынцыпе не ўдаецца зафіксаваць такія эмісіі на частаце ніжэй за 900 герц.
То што ж гэта тады, калі не містыка і не рэальны шум? Аўтары даследавання прыйшлі да высновы, што ў большасці выпадкаў загадкавы гул з'яўляецца нізкачастотным суб'ектыўным тынітусам — адчуваннем звону ў вушах, якое сустракаецца ў вялікай часткі людзей і не мае аніякай знешняй крыніцы.
Узнікненне суб'ектыўнага тынітусу з'яўляецца вынікам унутранага збою ў працы слыхавой сістэмы і звязана са складанымі ўзаемадзеяннямі на ўсіх яе ўзроўнях, ад унутранага вуха і слыхавога нерва да слыхавой кары галаўнога мозгу. У такіх выпадках звычайна людзі чуюць высокі піск, але насамрэч гэты ўнутраны гук можа мець самыя розныя формы, у тым ліку гучаць на вельмі нізкіх частотах як гул або вібрацыя.
І паколькі чалавеку ад прыроды вельмі складана вызначаць крыніцы нізкіх частот нават з рэальнымі шумамі, гэты збой слыхавой сістэмы аўтаматычна маскіруецца мозгам. Менавіта таму здаецца, што гук ідзе звонку, а не знутры.

| # | Наименование новости | Тональность | Информативность | Дата публикации |
|---|---|---|---|---|
| 1 | Чаму амаль усе людзі — праўшуны? Навукоўцы нарэшце разгадалі таямніцу | 0 | 10 | 21-05-2026 |
| 2 | If You Have Tinnitus but Hear Well, Do You Need a Hearing Test? | 0 | 8.52 | 24-07-2026 |
| 3 | Comments: Какой у вас цвет волос? Блондины, брюнеты, шатены, рыжеволосые - все сюда! | 0 | 2 | 27-06-2026 |
| 4 | Тест: В эрудицию с головой? Половина тонет на этих вопросах! А вы выплывете? | 2 | 4 | 25-06-2026 |
| 5 | Should You Consider Custom Earplugs | 0 | 10 | 24-07-2026 |
| 6 | Навукоўцы разгадалі адзін з галоўных сакрэтаў Вялікай піраміды — як яна здолела выстаяць падчас землятрусаў | 0 | 10 | 23-05-2026 |
| 7 | Насекомые и поющие сверчки | 0 | 3.91 | 15-08-2026 |
| 8 | Comments: Подскажите, какой это тис? | 0 | 0 | 27-06-2026 |
| 9 | Соскучились по мне? | 0 | 2.5 | 21-05-2026 |
| 10 | Ці магчымы другі Чарнобыль? І што цяпер робяць людзі на той АЭС? Навукоўка адказвае на важныя пытанні | 0 | 8.86 | 26-04-2026 |