Як правіла, супрацоўнікі спецслужбаў пад дыпламатычным прыкрыццём займаюць пасады сярэдняга звяна. Аднак расследаванне паказвае, што агенты ГРУ (вайсковай разведкі) здольныя падымацца на самы верх дыпламатычнай іерархіі.
Пасольства Беларусі ў ШвейцарыіНадзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аляксандр Дармідонтавіч Ганевіч, 1963 года нараджэння. Ураджэнец горада Ліда Гродзенскай вобласці. Скончыў Усурыйскае вышэйшае вайсковае аўтамабільнае каманднае вучылішча ў Расіі (1984), а таксама Дыпламатычную акадэмію МЗС Расіі і дыпламатычную школу МЗС Германіі.
Паводле афіцыйнай біяграфіі, у МЗС Беларусі ён прыйшоў у 1993 годзе, аднак аўтары расследавання звяртаюць увагу на дзевяцігадовы прабел у ягонай працоўнай дзейнасці пасля заканчэння вайсковага вучылішча (дзе рыхтавалі таксама разведчыкаў і радыстаў).
Аляксандр Ганевіч з’яўляецца вайсковым пенсіянерам і зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Рагачоўскай у доме, дзе жывуць пераважна сем’і вайскоўцаў. Расследавальнікі высветлілі, што ў 1994 годзе даведку аб яго грамадзянстве выдавала ўпраўленне кадраў Міністэрства абароны, хаця ў гэты перыяд ён ужо нібыта працаваў у службе пратакола МЗС. Паводле звестак з інфармацыйных баз, у 2002 і 2008 гадах ён афіцыйна лічыўся вайскоўцам вайсковай часці 64170 (Упраўленне замежнай інфармацыі і камунікацыі ГРУ Генштаба). Таксама знойдзена адзнака аб яго рэгістрацыі пры вайсковай часці 51886 (разведцэнтр ГРУ ў Мінску).
Аўтары расследавання прыходзяць да высновы, што Аляксандр Ганевіч на працягу многіх гадоў з’яўляецца глыбока заканспіраваным супрацоўнікам ГРУ, імаверна, у званні палкоўніка. Пад дыпламатычным прыкрыццём у Швейцарыі ён працаваў яшчэ раней на пасадзе дарадцы, а з 2020 года ўзначальвае пасольства.
ЯпоніяЯшчэ адным фігурантам расследавання, чыя біяграфія выклікала пытанні ў экспертаў Belpol, стаў Руслан Алегавіч Есін, 1969 года нараджэння. З 2017 па 2022 гады ён займаў пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Японіі, а таксама ў Аўстраліі і Новай Зеландыі па сумяшчальніцтве.
Згодна з афіцыйнымі данымі, Руслан Есін нарадзіўся ў Петрапаўлаўску-Камчацкім (Расія). У 1990 годзе мужчына скончыў Мінскае вышэйшае вайскова-палітычнае агульнавайсковае вучылішча, у 1993‑м — БДЭУ.
Далейшая яго кар’ера выглядае нетыпова для выпускніка вайсковай ВНУ: пасля кароткага перыяду працы ў камсамоле, ужо ў канцы 1991 года, ён становіцца супрацоўнікам аддзела міжнародных культурных сувязяў Міністэрства культуры Беларусі. У 1994—1996 гадах Есін вучыўся ў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Расіі, пасля чаго займаў розныя пасады ў беларускім замежнапалітычным ведамстве, у тым ліку ўзначальваў прафсаюзную арганізацыю МЗС. Руслан Есін таксама мае ступень доктара палітычных навук.
Аўтары расследавання звяртаюць увагу на нестыкоўкі ў біяграфіі Есіна. Па-першае, у савецкі час выпускнік вайсковага вучылішча быў абавязаны праходзіць службу ў арміі, аднак прафесійны вайсковец Руслан Есін амаль адразу апынуўся ў Міністэрстве культуры.
Важным аргументам расследавальнікі лічаць фотаздымак з электроннай базы ДАІ МУС Беларусі. На пасведчанне кіроўцы, якое выдавалася ў сярэдзіне 1990-х, Руслан Есін сфатаграфаваны ў форме капітана Узброеных сіл. Аўтары адзначаюць, што нашэнне вайсковай формы забаронена асобам, якія звольненыя з арміі без права на пенсію. Наяўнасць звання капітана ў той перыяд, калі Есін афіцыйна лічыўся супрацоўнікам Міністэрства культуры ці МЗС, з высокай доляй імавернасці можа сведчыць аб працягу сілавой службы.
Яшчэ адзін момант, на які звяртаюць увагу расследавальнікі: у 2022 годзе Руслан Алегавіч Есін ізноў уступіў у Камуністычную партыю і заняў там кіраўнічую пасаду. Аўтары мяркуюць, што гэта магло адбыцца толькі пасля яго звальнення з вайсковай службы, бо дзейным вайскоўцам у Беларусі забаронена быць у складзе палітычных арганізацый.
З улікам гэтай інфармацыі аўтары расследавання мяркуюць, што Руслан Алегавіч Есін з’яўляецца супрацоўнікам ГРУ (вайсковай разведкі). Не выключана, што на момант, калі ён узначальваў прафсаюзную арганізацыю МЗС, ён ужо меў званне падпалкоўніка ці палкоўніка.
Пасольства Беларусі ў Аб’яднаных Арабскіх ЭміратахДарадца па пытаннях бяспекі і адміністрацыйна-прававых пытаннях Леанід Аляксандравіч Голуб, 1986 года нараджэння. Ураджэнец горада Брэста, зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Адоеўскага. У рэальнасці з’яўляецца супрацоўнікам КДБ. Пачынаў службу ў спецпадраздзяленні «Альфа» (Група «А»), затым быў пераведзены ва ўпраўленне замежнай разведкі. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2020 года. У 2011 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на даныя Леанід Аляксандравіч Емільянаў (Емильянов), 1986 года нараджэння. На гэтыя ж даныя яму было аформлена фіктыўнае пасведчанне кіроўцы. У тым жа годзе паводле гэтага пашпарта выязджаў на спецыяльнае заданне ва Украіну.
Вайсковы аташэ Дзяніс Леанардавіч Стасевіч, 1980 года нараджэння. Ураджэнец Ленінградскай вобласці Расіі, зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Рафіева. Першапачаткова служыў у радыётэхнічнай разведцы, затым перайшоў у ГРУ. Прайшоў падрыхтоўку на вайскова-дыпламатычным факультэце Вайсковай акадэміі Беларусі. Мае званне палкоўніка. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2018 года, раней знаходзіўся са шпіёнскай місіяй у Сірыі. Ягоная жонка (магчыма, былая) Дзіяна Дзмітрыеўна Чумачова таксама з’яўляецца афіцэрам ГРУ і служыць там больш за 10 гадоў.
Генеральнае консульства Беларусі ў ДубаіКонсул Сяргей Віктаравіч Аляксееў, 1981 года нараджэння. Ураджэнец Свярдлоўскай вобласці Расіі, зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Арлоўская. Сяргей Аляксееў на працягу некалькіх гадоў быў кадравым вайскоўцам, а з 2013 года раптоўна стаў дыпламатам. Расследавальнікі мяркуюць, што насамрэч ён з’яўляецца супрацоўнікам адной з беларускіх спецслужбаў.
Пасольства Беларусі ў В’етнамеАташэ па пытаннях абароны Вадзім Яўгенавіч Райчонак, 1977 года нараджэння. Ураджэнец горада Ліда Гродзенскай вобласці, зарэгістраваны ў Брэсце па вуліцы Гвардзейская. Былы выкладчык авіяцыйнага каледжа, затым служыў на вайсковай авіябазе ў Лідзе. Пазней быў пераведзены ў ГРУ, дзе праходзіў службу ў Брэсцкім разведвальным цэнтры. Пад дыпламатычным прыкрыццём працуе адносна нядаўна.
Другі сакратар пасольства Аляксандр Іванавіч Мажара, 1983 года нараджэння. Ураджэнец горада Ліда, зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Фогеля. Фармальна курыруе консульскія пытанні, культуру, адукацыю і пратакольныя мерапрыемствы, але з’яўляецца кадравым вайскоўцам. Па інфармацыі Belpol, Мажара служыў у Вайсковай акадэміі, больш за 10 гадоў таму быў пераведзены ў Мінскі разведвальны цэнтр ГРУ. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2020 года. У 2015 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на імя Аляксандр Іванавіч Гусакоў, 1983 года нараджэння. На гэтыя ж даныя былі аформленыя фальшывае пасведчанне кіроўцы і нумар мабільнай сувязі.
Старшы дарадца Алег Аляксеевіч Голубеў, 1982 года нараджэння. Ураджэнец Мінска. Раней працаваў у пасольстве ў Польшчы, дзе ў 2020 годзе ўваходзіў у склад выбарчай камісіі. У беларускіх інфармацыйных базах адсутнічаюць звесткі пра яго працоўную кар’еру. Ягоны бацька — пенсіянер КДБ, а родная сястра служыць ва ўпраўленні вайсковай контрразведкі КДБ. На гэтай падставе аўтары расследавання мяркуюць, што Алег Голубеў таксама служыць у КДБ.
Пасольства Беларусі ў ІзраіліДарадца па адміністрацыйна-прававых пытаннях Арцём Валер'евіч Перзанаў, 1979 года нараджэння. Ураджэнец Брэста, зарэгістраваны там жа па вуліцы Прыгарадная. Больш за 20 гадоў з’яўляецца супрацоўнікам КДБ. Службу праходзіў ва ўпраўленні КДБ па Брэсцкай вобласці, пасля 2020 года быў пераведзены ва ўпраўленне замежнай разведкі Цэнтральнага апарату КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём знаходзіцца каля трох гадоў.
Пасольства Беларусі ў ІнданезііПершы сакратар пасольства Дзмітрый Андрэевіч Маслаў, 1985 года нараджэння. Ураджэнец Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. Адказвае за вайскова-тэхнічнае і эканамічнае супрацоўніцтва. У рэальнасці з’яўляецца супрацоўнікам КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём працуе з 2020 года, раней знаходзіўся са шпіёнскай місіяй у Латвіі.
Пасольства Беларусі ў ІндыіДарадца па пытаннях бяспекі і адміністрацыйна-прававых пытаннях Яўген Мікалаевіч Міронаў, 1977 года нараджэння. Ураджэнец Віцебска, зарэгістраваны там жа па праспекце Фрунзэ. Супрацоўнік КДБ, пад дыпламатычным прыкрыццём знаходзіцца з 2020 года. Шпіёніць у Індыі каля шасці гадоў. Паводле звестак Belpol, у 2015 годзе ён атрымаў пашпарт прыкрыцця на даныя Яўген Мікалаевіч Максімаў, 1982 года нараджэння. На гэтыя ж даныя было зарэгістравана сем нумароў мабільнай сувязі. Родны брат Яўгена Міронава — Уладзімір Мікалаевіч Міронаў, 1986 года нараджэння, таксама з’яўляецца супрацоўнікам КДБ і служыць у цэнтральным апараце ў Мінску.
Першы сакратар пасольства Аляксандр Генадзьевіч Жытко (Житко), 1988 года нараджэння. Ураджэнец Мінска, зарэгістраваны ў вёсцы Копішча Мінскага раёна. Курыруе гандлёва-эканамічныя і інвестыцыйныя пытанні. З’яўляецца супрацоўнікам КДБ, пад дыпламатычным прыкрыццём у Індыі знаходзіцца каля трох гадоў.
Пасольства Беларусі ў Рэспубліцы КарэяНадзвычайны і Паўнамоцны Пасол Андрэй Міхайлавіч Чарнецкі, 1968 года нараджэння. Ураджэнец Мінска, зарэгістраваны па вуліцы Герояў 120‑й дывізіі. Да прызначэння паслом з 1997 па 2021 гады служыў у КДБ, палкоўнік запасу, узначальваў упраўленне ў цэнтральным апараце. Расследавальнікі высветлілі, што першы дыпламатычны пашпарт Андрэю Чарнецкаму выдалі яшчэ ў 2015 годзе. Усяго за час службы ён меў тры дыпламатычныя пашпарты, па якіх выязджаў у Францыю, Іран, Аўстрыю, Польшчу, Германію і іншыя краіны. Аўтары расследавання мяркуюць, што ён працягвае працаваць на КДБ і сёння.
Пасольства Беларусі ў КітаіДарадца па пытаннях бяспекі і адміністрацыйна-прававых пытаннях Аляксандр Васільевіч Лебядзянцаў (Лебедянцев), 1976 года нараджэння. Ураджэнец Магілёва, зарэгістраваны па вуліцы Якубоўскага. Праходзіў службу ва ўпраўленні КДБ па Магілёўскай вобласці, затым — ва ўпраўленні замежнай разведкі цэнтральнага апарату КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём шпіёніць з 2010 года. Да прызначэння ў Кітай спецыялізаваўся на краінах Еўропы.
Вайсковы аташэ Аляксандр Іванавіч Шкірэнка (Шкиренко), 1968 года нараджэння. Кадравы вайсковец, генерал-майор запасу. Раней займаў пасаду намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі. Паводле звестак Belpol, ён не з’яўляецца супрацоўнікам ГРУ, аднак аказвае садзейнічанне спецслужбам.
Побач з ім працуе памочнік вайсковага аташэ Павел Канстанцінавіч Харкоў (Хорьков), 1983 года нараджэння. Ураджэнец горада Мірны Архангельскай вобласці (Расія), зарэгістраваны ў Мінску па Ахоцкім завулку. Кадравы вайсковец, пачынаў у аўтамабільных войсках, затым перайшоў у ГРУ. Пад дыпламатычным прыкрыццём у Кітаі знаходзіцца каля трох гадоў. У 2017 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на імя Павел Канстанцінавіч Ярцаў, 1983 года нараджэння.
Аташэ пасольства Віктар Валянцінавіч Обухаў (Обухов), 1987 года нараджэння. Ураджэнец Прыморскага края Расіі, зарэгістраваны ў вёсцы Копішча Мінскага раёна. У рэальнасці — афіцэр-шыфравальшчык. Служыў ва ўпраўленні КДБ па Мінску і Мінскай вобласці. Пад дыпламатычным прыкрыццём каля трох гадоў. Яго родны брат Сяргей Валянцінавіч Обухаў, 1990 года нараджэння, таксама з’яўляецца вайскоўцам КДБ.
Пасольства Беларусі ў ПакістанеДругі сакратар пасольства Максім Алегавіч Кердзялевіч (Керделевич), 1983 года нараджэння. Ураджэнец горада Усурыйск (Расія), прыехаў у Беларусь у 1993 годзе. Да 2005 года насіў прозвішча Мяшкоў. У пашпартных базах у якасці яго бацькі ў розныя гады былі пазначаныя два розныя чалавекі. Кадравы вайсковец, больш за 10 гадоў служыў у ГРУ, пад дыпламатычным прыкрыццём знаходзіцца апошнія некалькі гадоў. У 2016 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на імя Максім Алегавіч Шашкоў, 1984 года нараджэння. На гэтыя ж даныя яму аформілі фіктыўнае пасведчанне кіроўцы і тры нумары мабільнай сувязі.
Трэці сакратар пасольства Дзяніс Міхайлавіч Сінюта, 1988 года нараджэння. Ураджэнец Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў вайскова-транспартны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту ў Гомелі, дзе пазней працаваў начальнікам курса. Паводле звестак Belpol, са службы ў ГРУ ён перайшоў пад дыпламатычнае прыкрыццё зусім нядаўна. У 2019 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на даныя Дзяніс Міхайлавіч Сяргейка, 1987 года нараджэння. На гэтае ж імя яму было аформлена фальшывае пасведчанне кіроўцы.
Пасольства Беларусі ў СірыіДарадца па пытаннях бяспекі і адміністрацыйна-прававых пытаннях Андрэй Мікалаевіч Бакуновіч, 1973 года нараджэння. Ураджэнец Магілёва, зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Нёманская. Служыў ва ўпраўленні КДБ па Магілёўскай вобласці, у 2007 годзе быў пераведзены ў цэнтральны апарат. Шпіёнскай дзейнасцю за мяжой займаецца каля 15 гадоў, спецыялізуецца на арабскім свеце. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2013 года. Паводле звестак Belpol, у яго абавязкі ўваходзіць падтрыманне афіцыйных кантактаў з мясцовымі органамі бяспекі.
Дарадца па гандлёва-эканамічных пытаннях Анатоль Юр’евіч Бугрэнка, 1979 года нараджэння. У рэальнасці — вопытны супрацоўнік ГРУ (служыць больш за 15 гадоў). Нарадзіўся ў Польшчы ў сям’і вайскоўца, зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Фогеля. Шпіянажам пад дыпламатычным прыкрыццём займаецца з 2015 года, раней спецыялізаваўся на краінах Еўрасаюза. У 2009 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на даныя Анатоль Юр’евіч Кананчук (Конончук), 1979 года нараджэння. Паводле гэтага пашпарта ў 2010—2011 гадах некалькі разоў выязджаў у Літву і Латвію. На гэтае ж імя яму аформлены два фальшывыя пасведчанні кіроўцы.
Пасольства Беларусі ў ТурцыіДарадца па пытаннях бяспекі і адміністрацыйна-прававых пытаннях Іван Уладзіміравіч Сіраеў (Сиряев), 1976 года нараджэння. Ураджэнец Амурскай вобласці Расіі, зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Паўліны Мядзёлкі. Служыў ва ўпраўленні КДБ па Гродзенскай вобласці, затым — ва ўпраўленні замежнай разведкі цэнтральнага апарату КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2012 года. Спачатку спецыялізаваўся на Еўропе, з 2019 года знаходзіцца ў Турцыі. У 2010 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на імя Ян Мікалаевіч Яраш (Ярош), 1977 года нараджэння.
Першы сакратар пасольства Сяргей Яўгеньевіч Шынкевіч, 1987 года нараджэння. Ураджэнец Гродна, зарэгістраваны ў Ратамцы пад Мінскам. Служыў ва ўпраўленні КДБ па Гродзенскай вобласці, затым у замежнай разведцы. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2021 года, місія ў Турцыі — яго першая замежная камандзіроўка. У 2015 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на даныя Аляксей Сяргеевіч Шароў, 1986 года нараджэння.
Аташэ па пытаннях абароны Віктар Станіслававіч Белянчук, 1978 года нараджэння. Нарадзіўся ў Латвіі ў сям’і вайскоўца, зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Скрыпнікава. Больш за 15 гадоў з’яўляецца афіцэрам ГРУ. Служыў у Гродзенскім разведцэнтры, затым у Мінску. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2019 года. У 2009 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на даныя Віктар Станіслававіч Бельскі, 1978 года нараджэння.
Дарадца па інфармацыйна-аналітычных і гандлёва-эканамічных пытаннях Ілья Міхайлавіч Капітан, 1986 года нараджэння. Ураджэнец Брэста, скончыў Лінгвістычны ўніверсітэт. Праходзіў службу як афіцэр у Памежным камітэце, а ў 2015 годзе стаў дыпламатам. Працаваў у пасольстве ў Францыі, затым быў укаранёны ў дырэкцыю Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Аўтары расследавання мяркуюць, што Ілья Капітан з’яўляецца кадравым супрацоўнікам адной са спецслужбаў.
Генеральнае консульства Беларусі ў СтамбулеКонсул Ігар Аляксандравіч Салаўёў. Ураджэнец Валагодскай вобласці Расіі, жыў у Оршы. Скончыў сельскагаспадарчую акадэмію па эканамічным профілі. Служыў ва ўпраўленні КДБ па Віцебскай вобласці (у Наваполацкім аддзеле і абласным цэнтры). Шпіёнам пад дыпламатычным прыкрыццём стаў зусім нядаўна.
Пасольства Беларусі ў ЕгіпцеПершы сакратар пасольства Кірыл Валер’евіч Чупругін, 1993 года нараджэння. Ураджэнец гарадскога пасёлка Карма Гомельскай вобласці, зарэгістраваны ў Гомелі па вуліцы Мазурава. Фармальна курыруе пытанні гандлю, культуры і бяспекі, а таксама прадстаўляе інтарэсы Беларусі ў Алжыры, Амане і Судане. Скончыў Гомельскі інжынерны інстытут МНС. Пасля кароткай службы ў МНС перайшоў у КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём знаходзіцца каля трох гадоў.
Пасольства Беларусі ў ЗімбабвэНадзвычайны і Паўнамоцны Пасол (займаў пасаду да сакавіка 2024 года) Ігар Анатольевіч Маршалаў (Маршалов), 1972 года нараджэння. Формальна ён не з’яўляецца супрацоўнікам спецслужбаў, але, паводле звестак расследавальнікаў, даўно і цесна з імі звязаны. Былы начальнік Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК, генерал-маёр фінансавай міліцыі з 30‑гадовым стажам службы. Аўтары расследавання мяркуюць, што ў Зімбабвэ ён мог займацца суправаджэннем неафіцыйных эканамічных інтарэсаў атачэння Лукашэнкі.
Дарадца па пытаннях бяспекі, палітычных і эканамічных пытаннях Дзмітрый Станіслававіч Сакун, 1981 года нараджэння. Ураджэнец Мінска, зарэгістраваны па вуліцы Школьная. Скончыў БДУ, быў вайскоўцам Памежнага камітэта. З 2013 года перайшоў на дыпламатычную працу. Расследавальнікі звяртаюць увагу на закрытасць звестак пра яго месцы службы і не выключаюць яго прамой сувязі са спецслужбамі.
Пасольства Беларусі ў БразілііДарадца па пытаннях бяспекі і адміністрацыйна-прававых пытаннях Сяргей Аляксандравіч Папковіч, 1980 года нараджэння. Ураджэнец Барысава, зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Макаёнка. Супрацоўнік цэнтральнага апарата КДБ, пад дыпламатычным прыкрыццём знаходзіцца з 2017 года.
Трэці сакратар пасольства Канстанцін Юр’евіч Снегаўскі (Снеговской), 1997 года нараджэння. Ураджэнец Віцебска. Скончыў МДІМА (МГИМО) у Маскве і адразу пачаў дыпламатычную кар’еру. Расследавальнікі адзначаюць яго глыбокія сямейныя сувязі з КДБ: яго бацька Юрый Анатольевіч Снегаўскі значыцца ў базах і як супрацоўнік МЗС, і як супрацоўнік КДБ; дзядзька Генадзь Анатольевіч Снегаўскі — палкоўнік КДБ, былы начальнік Бабруйскага аддзела і намеснік начальніка ўпраўленняў па Гомельскай і Магілёўскай абласцях. На гэтай падставе Belpol мяркуе, што малады дыпламат таксама дзейнічае ў інтарэсах Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
Пасольства Беларусі ў Венесуэле (Каракас)Дарадца пасольства па гандлёва-эканамічных пытаннях, інвестыцыйным і гуманітарным супрацоўніцтве (у нядаўнім мінулым) Дзяніс Вітальевіч Лагуноў, 1982 года нараджэння. Ураджэнец горада Віцебска, зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Фогеля. Кадравы вайсковец, першапачаткова служыў у 120‑й механізаванай брыгадзе ва Уруччы, затым перавёўся ў ГРУ. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2020 года. У 2014 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на даныя Дзяніс Уладзіміравіч Яноўскі, 1982 года нараджэння. У лацінскай транслітарацыі яго імя значылася як Janowski Dionizy (па-польску), на гэтыя ж даныя было аформлена фіктыўнае пасведчанне кіроўцы. У 2015 годзе па гэтым фальшывым пашпарце выязджаў у Польшчу.