Дзеля гэтага фільма, створанага па сцэнарыі беларуса Віталя Шляпо, у Расіі і Беларусі перанеслі прэм’еру новага «Чалавека-павука». Але «Калабок» не апраўдаў спадзяванняў: у Расіі ў яго нулявыя рэйтынгі і продажы, а ў Беларусі кіно і ўвогуле не ўзгадняе Мінкульт. Паглядзелі, з-за чаго ўвесь шум.

Фота: newstracker.ru
Прадказаць, што чакае ў пракаце новы «Калабок», было нескладана — дастаткова толькі паглядзець на галоўнага героя. Каб стварыць Калабка, узялі аснову ад камп’ютарнай графікі і дадалі да яе міміку ад расійскага коміка Гарыка Харламава. Атрымаўся змрочны твар, які хутчэй пужае, а не радуе, і пачварнасць Калабка — адна з галоўных прэтэнзій да гэтай стужкі.
У новага Калабка ўвогуле складанае жыццё. Некалі яго спякла дзяўчына, якая хацела зрабіцца прыгажуняй, але не паспела зладзіць патрэбнага для гэтага рытуалу з Калабком. У фільме тую дзяўчыну, дарэчы, называюць пачварынай.
Галоўны герой збягае ад яе і ўступае ў групоўку бандытаў з кіраўніком па мянушцы Воўк — менавіта там ён чарсцвее і душой, і сваім хлебным целам. Праз некалькі гадоў Калабок пакідае банду. Пасля розных прыгодаў ён знаходзіць пекара Ціхана, спакойнага і добрага хлопца, і ўсяляецца ў яго цела.
Аказваецца, што дзяўчына Лада, у якую закаханы Ціхан — гэта якраз тая дзяўчына, якая і стварыла Калабка, і насамрэч яна прыгажуня, вось толькі сама гэта не разумее. Вядома, будзе хэпі-энд, вось толькі да гэтага Ціхану-Калабку і Ладзе трэба будзе прайсці шмат прыгодаў, каб пабудаваць адносіны.
«Апошні волат. Калабок» — так гучыць поўная назва фільма — гэта спін-оф ад франшызы «Апошні волат», якую ў Расіі некалі распачыналі здымаць разам са студыяй Disney. Сярод яе стваральнікаў Віталь Шляпо — беларус родам з Віцебскай вобласці. З 1999 па 2002 годы Шляпо быў капітанам каманды па КВЗ у БДУ і ў тыя гады двойчы стаў з ёй чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ.
Далей Шляпо працаваў на расійскіх каналах, пакуль у 2011‑м не трапіў у кіраўніцтва кампаніі «Yellow, Black and White». Гэтая студыя і сам Шляпо стварылі багата вядомых праектаў на расійскім тэлебачанні, у тым ліку серыялы «Кухня» і «Гатэль Элеон», кінафраншызу «Халоп».
Але ж і ў Шляпо бываюць няўдачы — выглядае, такой для яго стаў «Калабок». Каб даць таму «Калабку» лепшыя ўмовы для збораў, у Расіі адклалі прэм’еру новага «Чалавека-павука». Магчыма, праз гэта за дзень да першых паказаў у «Калабка» абваліўся рэйтынг на буйным партале «Кінапошук» — цяпер ён на ўзроўні 1,6 бала з 10. А ў сацсетках пачалі з’яўляцца скрыны з сайтаў кінатэатраў, дзе было відаць, што на расійскі народны блакбастар ніхто не бярэ квіткоў.
Беларус Шляпо быў і адным са сцэнарыстаў «Калабка». І багата гледачоў сярод мінусаў фільма адзначаюць не толькі страшную графіку, але і дзіўныя сцэнарныя знаходкі.
Напрыклад, адна глядачка была збянтэжаная фразамі накшталт «У гэтага сутулага забіраю тулава» і «Лаві нечаканчык сабе ў жбанчык», якія пачула ў кіно разам з малой дачкой. І шмат хто абураецца дзіўнай сцэнай, дзе Ціхан-Калабок у прысутнасці Лады, то-бок дзяўчыны, налівае квас проста сабе ў штаны.
Ці пакажуць «Калабка» ў Беларусі? Наш кінапракат шмат у чым прывязаны да расійскага, таму і ў нас дзеля «Калабка» перанеслі «Чалавека-павука».
Расійскі фільм пра «Калабка» чакалі ў беларускім пракаце ў першы тыдзень жніўня, але ж нечакана «Калабок» знік з анлайн-афіш і спісаў хуткіх прэм’ер. Як даведалася «Наша Ніва», «Калабок» яшчэ можа выйсці ў Беларусі, але ж для гэтага кіно мусіць быць узгодненае з Мінкультам і дададзенае ў адпаведны дзяржрэгістр. Пакуль жа беларускія чыноўнікі не вырашылі, ці дапускаць «Калабка» ў пракат і ў якім выглядзе тое кіно можна паказваць у нашай краіне.
